Создать сайт на a5.ru
Более 400 шаблонов
Простой редактор
Приступить к созданию

Пісьменнікі роднага краю

 

  Жлобіншчына заўсёды была багатай на літаратурныя таленты. Тут нарадзіліся, жылі, тварылі, працягваюць плённа працаваць на літаратурнай ніве нямала тых, хто пакінуў прыкметны след у беларускай літаратуры, у тым ліку і рускамоўнай.


Бажанаў Мікалай Данілавіч  ( 02.05.1899-13.01.1985) - пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў СССР. Нарадзіўся ў Жлобіне. Закончыў Кіеўскі інстытут народнай гаспадаркі, працаваў інжынерам-эканамістам. У 30-я гады актыўна друкаваўся ў газетах. Цікавіўся мастацтвам, музыкай, жыццём славутых музыкантаў, што яскрава праявілася ў яго кнізе  “Рахманінаў” ( 1962 год, выдавецтва “ Маладая гвардыя”). У 1966 годзе гэты твор выйшаў другім, дапоўненым і выпраўленым выданнем. А ў 1971 годзе ўбачыла свет яшчэ адна мастацкая біяграфія М.Д. Бажанава, у гэты раз пра другога рускага кампазітара – С.І. Танеева. Кніга, як і папярэдняя, таксама выйшла ў серыі “ ЖЗЛ”.
Жыццё М.Д. Бажанава прайшло на Украіне, дзе ён і памёр.

Говар Геннадзь Васільевіч (23.03.1945) - пісьменнік, мастак, вынаходнік. Нарадзіўся ў г.Жлобіне. З 1949 года жыве і працуе ў горадзе Гомелі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага саюза мастакоў і Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў. Лаурэат прэмій: Мітрафана Доўнар-Запольскага, Ежы Гедройца, Бояна, лаурэат абласной літаратурнай прэміі імя А.П.Капусціна. З'яўляецца аўтарам кніг паэзіі "Мае абпаленыя крылы", "Незамглёная ўсмешка", "Мой нечаканы вершапад", "Князь возера", "Ты мяне пацалавала", "Акунёўская бітва", "Мо і так" і інш.

Добін Рыгор Ізраілевіч --    яўрэйскі пісьменнік, родам з Карпілаўкі, што на ўскраіне Жлобіна. У літаратуру ўвайшоў у 20 –х гадах, аўтар кніг пра яўрэйскае жыццё  “У Амура”, “На пасеке” і іншых. У перакладзе на рускую мову ў 1977 годзе выйшаў яго зборнік апавяданняў “Рассказы” ( захоўваецца ў фондах Жлобінскага гісторыка – краязнаўчага музея). Жыў пісьменнік у Маскве, на пачатку 90 –х гадоў выехаў на пастаяннае жыхарства ў Ізраіль, ужо тады быў цяжка хворым. Больш падрабязна пра пісьменніка можна прачытаць у кнізе Аляксандра Капусціна      “Добрым сэрцам чалавечым”  Жлобін, 1993), у артыкуле “З верай у пераможнасць жыцця” ( “Новы дзень”, 3.09. 1994).

Хведар Жычка  (20.03. 1927 –25.07.07 )  –  таленавіты беларускі паэт. Нарадзіўся  ў пасёлку Марс ( цяпер не існуе) Жлобінскага раёна  ў сялянскай сям’і. У розныя гады працаваў ў “ Чырвонай змене”, “Піянеры Беларусі”, “ Бярозцы”, быў галоўным рэдактарам “ Літаратура і мастацтва”, старшым рэдактарам выдавецтва “ Мастацкая літаратура”.  Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў: “ Стой на вахце, сэрца” ( 1961), “ Абеліск” (1973), “ Абрус” ( 1985), “ Святога вечара чакаю” (1995) і іншых. Напісаў таксама некалькі аповесцей для дзяцей: “ Каштанавы “ Масквіч” ( 1959), “ Дзень будзе ясны” (1981) і іншыя. У 1977 годзе выдаў зборнік гумарэсак “Спагадлівыя людзі”. Шырока вядомы  і як перакладчык, з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай  прэміі  імя Віцезслава Нэзвала за пераклады і прапаганду чэшскай і славацкай паэзіі. Узнагароджаны Дыпломам і медалем Славацкага літаратурнага фонду.

Кадзетава-Арэстава Валянціна Мікалаеўна (17.04.1951).  Нарадзілася  ў в. Мікалаеўка Добрушскага раёна. Вучылася ў Ніўскай васьмігодцы, Церахоўскай СШ. Скончыла Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага (цяпер універсітэт імя М.Танка).
Празаік. Піша на беларускай мове. Аўтар кніг прозы «Ад кахання не паміраюць» (1996), «Ля трох пуцявін» (1998), «Шкляная зорка» (2008). За апошнюю кнігу ў верасні 2009 года ў Смаргоні ўручаны дыплом II ступені рэспубліканскага літаратурнага конкурсу на лепшую кнігу года ў галіне прозы. Заслугоўвае ўвагі аповесць «Тэст на першае каханне», якую можна рэкамендаваць для пазакласнага чытання для старшакласнікаў (Зб. «Шкляная зорка», часопіс «Маладосць», № 8 за 2007 год).У 2012 годзе ў бібліятэчцы «Нёмана» пад рубрыкай «Новая жаночая проза» «Песочное время», дзе Валенціна Кадзетава — адна з аўтараў. Па двух апавяданнях – «Ліст» і «Праверка» – знятыя караткаметражныя фільмы.выйшла рускамоўная кніга
Лаўрэат прэміі часопіса «Маладосць» (1996), «Звязда» (2004), двойчы лаўрэат абласнога літаратурнага конкурсу (імя I. Мележа і імя К. Тураўскага). Адзначана Архіерэйскай граматай Тураўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы за ўдзел у Першым абласным літаратурным конкурсе імя Кірылы Тураўскага ў 2007 годзе.
Публікавалася ў «Гомельскай праўдзе», «ЛіМе», «Маладосці», «Полымі», «Беларусі», «Нёмане» і інш.. Пра творчасць В. Кадзетавай станоўча адгукаліся ў крытычных артыкулах У. Саламаха, Г. Далідовіч, А. Казлоў, В. Казько і некаторыя інш.
У СПБ з 1999 года.

Капусцін Аляксандр Пятровіч ( 12.02.1924 – 16.10.1996) - беларускі пісьменнік старэйшага пакалення. Ганаровы грамадзянін Жлобіна. Нарадзіўся  ў вёсцы Старая Рудня Жлобінскага  раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў гістарычны факультэт Гомельскага настаўніцкага інстытута імя В. Чкалава. Вышэйшыя юрыдычныя курсы ў Маскве, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Працаваў загадчыкам аддзела “ Гомельскай праўды”, адказным сакратаром і намеснікам рэдактара штотыдневіка “ Літаратуры і мастацтва” .  Аўтар шматлікіх кніг апавяданняў і аповесцяў: “ Суд ідзе” ( 1959), “ Суд вырашыў” ( 1975), “ Покліч сэрца”(1976), “ Саленая раса” (1988), “ Старая Рудня” ( 1990) і іншых. Шмат увагі ў сваёй творчасці  ўдзяляў гераічнай гісторыі Жлобіншчыны, яе людзям, часта друкаваўся.

Капчык Пятрусь Міхайлавіч  – журналіст, публіцыст, педагог. Нарадзіўся ў 1944 годзе ў Жлобіне. Працаваў у кніжным гандлі, вучыўся ў БДУ на факультэце журналісткі, які за палітычнае вольнадумства  не ўдалося скончыць. Але дыплом аб вышэйшай адукацыі (“чырвоны”) наш зямляк усе – такі  атрымаў, ды толькі ўжо ў Махачкале ў мясцовым універсітэце на філалагічным факультэце. Працаваў у “Кулябской правде” ( Таджыкістан), з 1983 года жыве на Украіне ( г.Ізязслаў), дзе настаўнічае ў адной з мясцовых школ. Выдатна ведае і лічыць роднымі для сябе беларускую, рускую. украінскую і польскую мовы. Шмат друкаваўся ў розных выданнях былога Савецкага Саюза. З’яўляецца аўтарам шматлікіх мастацкіх твораў (апавяданняў, гумарэсак) на беларускай мове. Шмат выступае з публіцыстычнымі артыкуламі па праблемах развіцця беларускай культуры, мовы ў такіх выданнях, як “Чырвоная змена”, “Настаўніцкая газета”, “Вожык”, “Звязда” і іншых.

Куртаніч (Мешчаракова) Вольга   (06.03.1963) – беларуская паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі . Нарадзілася ў 1963 годзе ў Качканары Свярдлоўскай вобласці. Аднак усё дзяцінства і юнацтва, станаўленне як асобы і паэтэсы адбылося на гістарычнай радзіме.  У пяцігадовым узросце разам з бацькамі пераехалі ў г. Жлобін. Тут закончыла сярэднюю школу і ў 1980 годзе паступіла ў Гомельскі дзяржаўны універсітэт. Пасля заканчэння ВНУ некаторы час працавала ў шматтыражнай газеце Жлобінскай фабрыкі штучнага футра, затым – у гарадскім Доме культуры. 
З 1990 года жыве ў Мінску, дзе да 1993 года працавала ў выдавецтве "Мастацкая літаратура". Наступныя пяць гадоў была супрацоўнікам Нацыянальнай Белтэлерадыёкампаніі, прайшла шлях ад рэдактара радыёстанцыі “Сталіца” да мадэратара пяцігадзінных прамых эфіраў на другім канале беларускага радыё. З 1997 года працавала журналістам рэспубліканскага штотыднёвіка “7 дней”, намеснікам рэдактара газеты “Літаратура і мастацтва”, у іншых СМІ.
Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1990 года.
Вершы друкаваліся ў зборніку “Тутэйшыя” (Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1989), падборкі вершаў  у часопісах “Маладосць” (№9 за 1994; № 3 за 1998), “Неман” ( №3 за 1997), “Полацак” (№3 за 1992 – Кліўленд, ЗША) і іншых. Празаічныя творы друкаваліся ў часопісе “Маладосць” – апавяданні “Пакіньце яго плакаць” (№1, 1994), “У прымрак самоты, у звабны адчай…” (№ 10, 1996); у часопісе “Першацвет” – “Казка пра сяржанта Міхасёва” (№ 6, 1997); у часопісе “Крыніца” – “Па вузкай дарозе ў цесную браму” (№9, 1997) і інш. Пераклады – А.Стригалев “В саду вселенной”. 

Выдадзеныя кнігі: “Птушыным шляхам” (Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1990); “Начное сонца” (Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1994); “В  блистании строк…” (Мінск: “Беларускі кнігазбор”, 2001); “Валавуд” (Мінск: “Беларускі кнігазбор”, 2002), “Залюстрэчча для Алісы” (Мінск: “Беларускі кнігазбор”, 2003). 

Лупсякоў Мікола ( Мікалай) Радзівонавіч   ( 04.03.1919 – 12.02.1972) – вядомы беларускі пісьменнік, удзельнік Вялікай айчыннай вайны. Хаця і нарадзіўся ў Маскве, але дзяцінства яго і большасць гадоў сталага жыцця прайшлі на сапраўднай радзіме – вёсцы Папаратнае і мястэчку Стрэшын Жлобінскага раёна, дзе аўтар і чэрпаў матэрыялы для многіх сваіх твораў, якія сталі класікай беларускай літаратуры. Сярод шматлікіх кніг Міколы Лупсякова назавём зборнікі  апавяданняў “ Першая атака” ( 1946 год),” Мост” ( 1947), “ У вераб’іную ноч” ( 1958), “ На берагах Дняпра” ( 1966) і іншыя. Пасля смерці пісьменніка выйшлі зборнікі   яго апавяданняў “ Міхалаў дуб” ( 1974), “ Дняпроўская чайка”  (1988).

Марушкевіч Мікалай Цімафеевіч  (1924- 1994) - вядомы беларускі журналіст, публіцыст і арганізатар айчыннай прэсы. Нарадзіўся ў вёсцы Саланое Жлобінскага раёна. У розныя гады працаваў у Жлобінскай райгазеце,  "Чырвонай змене”, “Сельскай газеце”, узначальваў Беларускае телеграфнае агенства (Бел Та). Яго жыццевы і творчы шлях адзначаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэнамі Айчыннай вайны 1 і 2 ступеняў, двумя ордэнамі “Знак Пашаны”, медалямі. Мікалаю Марушкевічу было прысуджана званне “ Заслужаны дзеяч культуры  БССР”.

Рагаўцоў Васіль Іванавіч  (04.01.1952- сакавік 2016) – беларускі паэт. Нарадзіўся ў 1952 годзе ў Стрэшыне Жлобінскага раёна. Скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» (1973).  Вершы друкаваліся ў часопісах “ Полымя”, “ Маладосць”, “ Роднае слова”, “Першацвет”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”. У 1995 годзе ўбачыў свет яго першы паэтычны зборнік “Сутонне” ( у серыі “Бібліятэка часопіса “Маладосць”). Аўтар 6 паэтычных зборнікаў,  многіх кніг і артыкулаў  па праблемах мовазнаўства (больш 220 навуковых прац), меў навуковую ступень кандыдата філалагічных навук. Жыў ў Магілёве, дзе ў мясцовым педінстытуце ўзначальваў кафедру беларускай мовы.
Вядомы вучоны і літаратар, В.Рагаўцоў быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2002). У 2014 годзе атрымаў званне Заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь. Лаурэат літаратурнай прэміі імя Васіля Хомчанкі Магілеўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Союз писателей Беларуси» (2008) за зборнік вершаў для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту (2007).

Рынейскі Іосіф Мікалаевіч  (08.06.1928) – нарадзіўся ў в. Замен – Рыння  Жлобінскага раёна. У 1951 годзе быў прызваны ў рады Савецкай арміі, з якой звязаў усё сваё жыцце. Пасля дэмабілізацыі у 1975 годзе пераехаў на пастаяннае месца жыцця ў г. Жлобіне, дзе працаваў старшыней   БООР .
Вершы І. М. Рынейскага друкаваліся газетах “Савецкі Сахалін”, “Сувораўскі націск”, “На страже Родины”, “Знамя труда”, “Новае жыцце”, “Камсамольская праўда”. З'яўляецца аўтарам кніг "Память сердца", "Край наш цветущий".

Содаль Уладзімір Ільіч  (13.09.1937 - 15.04.2015) – гісторык беларускай літаратуры філолаг, буйнейшы даследчык жыцця і творчасці беларускага паэта – дэмакрата Францішка Багушэвіча ( 1840 – 1900). Нарадзіўся  ў вёсцы Мормаль Жлобінскага раёна. У  даведніку “ Беларускія пісьменнікі” ( апошняе выданне 1994 года) запісана- гэта імя не з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі” . Але гэта не перашкодзіла яму стаць аўтарам шматлікіх  кніг па гісторыі беларускай літаратуры, шматлікіх артыкулаў, пераважным чынам, у газетах  “ Наша слова”, “ Голас Радзімы”, “Літаратура і мастацтва” , часопісе “ Роднае слова”. З кніг пісьменніка- даследчыка выдзелім “ Кушлянскі кут” (1990), “ Сцежкамі Мацея Бурачка”(1991), “Тут  бачу свой край” ( 1994) і іншыя. 

Федасеенка Уладзімір Канстанцінавіч  (22.04.1926 - 03.01.2018) - беларускі празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар раманаў “ Дубовая града”(1965), “Віхры на скрыжаваннях” ( 1970), “ Пасля смерчу”(1975), « Мутныя росы» (1999). Нарадзіўся Уладзімір Канстанцінавіч 22.04.1926 года ў пасёлку Бор Жлобінскага раёна ў сялянскай сям’і. Працаваў у розных газетах і часопісах, у тым ліку старшым рэдактарам у рэдакцыі часопіса “ Беларусь”. Кавалер ордэнаў Айчыннай вайны 2 ступені, Чырвонай Зоркі. Тэма Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца асноўнай у яго творчасці, творы пісьменніка ў многім аўтабіяграфічныя.  Пахаваны на Паўночных могілках горада Мінска.

Чавускі Міхась  (Майсей) Моталевіч   ( 25.12.1904 – 01.07.1984) – беларускі пісьменнік, сатырык. Нарадзіўся ў вёсцы Шапілава ( цяпер в. Майскае) Жлобінскага раёна ў сям’і шаўца. Працаваў у газетах,у тым ліку і знакамітай газеце – плакаце “ Раздавім фашысцкую гадзіну” ( 1941—43 гг.). Быў галоўным рэдактарам часопіса  “Вожык”. Аўтар зборнікаў апавяданняў, фельетонаў, аднаактовак і сцэнак “Крытычны  момант” (1954), “Індык на курорце” (1960), “Рука руку мые” (1964), “Чаму ж не смяяцца?” ( 1969), “Стрэляны Вераб’еў” (1976), дакументальнай аповесці “Фарбамі гневу” ( 1975; 1978).

Шавыркін Міхаіл Мікалаевіч (15.09.1947 - ліпень 2016) – беларускі публіцыст, выступаў па праблемах развіцця беларускай мовы, культуры, педагогікі. Нарадзіўся ў в. Дзяніскавічы Майскага сельсавета  Жлобінскага раёна. Беларускі журналіст, педагог. Узнагароджаны значком "Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь" (1996). Скончыў БДУ (1970), Мінскую ВПШ (1976). З 1965 г. працаваў у раённай газеце "Камуніст", з 1972 г. - навуковым, старшым навуковым рэдактарам выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя", з 1983 г. рэдактар аддзела часопіса "Народная асвета", з 1987 -2006 гг. працаваў галоўным рэдактарам часопіса "Роднае слова".

Шадукаева Людміла Барысаўна  (27.06.1950) – нарадзілася ў г.Бабруйску Магілёўскай вобласці. У 1970 – 1975 гадах вучылася ў Ульянаўскім педагагічным інстытуце на філалагічным факультэце. Працавала карэспандэнтам, а далей загадчыцай аддзелам пісем у гарадской газеце “Гарачы ключ” ў Краснадарскім краі, потым карэспандэнтам  у газетах у Бабруйску і Данецку. З 1984 года працавала ў газеце “Металург” БМЗ . Друкавалася ў гарадскіх газетах “Гарачы ключ” , “Камуніст”, “Новы дзень”, у краевых газетах “Савецкія Кубаны”, “Камсамолец Кубані”, ў рэспубліканскіх  "Савецкая Беларусія”, “Знамя юнасці”. З'яўляецца членам Саюза пісьменнікаў  Беларусі з 2006 года. З'яўляецца аўтарам кніг "Стальная песня" і "Провинциальный блюз".

Яцук Мацвей Сямёнавіч  ( 1911—1987) – жлобінскі паэт, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, па прафесіі будаўнік. Друкаваўся ў газетах, аўтар паэтычных зборнікаў на рускай мове “Поющий камень” ( Мн., 1968), «Мои координаты» ( Мн., 1971).


 

 


 

 

 


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

©  2015 г. Все права защищены.

Жлобинская центральная районная библиотека имени Н.К.Крупской